Skip to content
  • МОСТОВСКАЯ РАЙОННАЯ БИБЛИОТЕКА
  • ДЕСТКАЯ СТРАНИЦА
  • ТРОПИНКАМИ МОСТОВСКОГО КРАЯ
  • ЛИТЕРАТУРНАЯ КАРТА МОСТОВСКОГО РАЙОНА

Гудевичи

  • История агрогодка Гудевичи
  • Книги с автографом
  • Легенды и предания
  • Toggle search form

Пра паходжанне вёскі Струга

Многа гадоў назад па гэтых мясцінах праязджаў нейкі чалавек, Спірыдонам яго звалі. I вось, агледзеўшы раку, балоты, лес, ён перавёз сюды сваю сям’ю. На першым часе навасёлы жылі ў невялічкай зямлянцы. А што ж за жытка ў зямлянцы: сырыя сцены, дзеці пастаянна хварэюць. Жонка пачала прасіць гаспадара з’ехаць адсюль, але на ўсе мальбы ён адказваў:

– Давай патрываем гэтую зіму, цёпла стане — вазьмуся хату ставіць. Думаеш, я сам не разумею, дзяцей сваіх не шкадую?

  Падалася ім тая зіма бясконцаю. Дзеці амаль на двор не вылазілі, самі змізарнелі. Нарэшце снег пачаў раставаць, ручаі зазвінелі, панесліся ў рэчку Глінянку. Павесялеў гаспадар, пачаў дзяцей падбадзёрваць:

– Ну што, жэўжыкі, будзеце тату дапамагаць?

– А што трэба рабіць?

– Хаціну з вамі, дзеткі, стаўляць будзем. Вялікую, светлую, прасторную.

– Хату стаўляць будзем! Мамка, хату стаўляць! — заскакалі тыя па земляной падлозе босымі нагамі і запляскалі ў ладкі.

Ці не ўпершыню за ўсю зіму ўсміхнулася гаспадыня:

– Вы ўжо дапаможаце, вы ўжо настаўляеце… Адно толькі тату свайму падчас працы замінаць будзеце.

– Гэта мама вас спецыяльна палохае, — супакоіў малых гаспадар, заўважыўшы, што тыя ўжо гатовы былі дапамагаць справе галасамі і слязьмі. — Вось толькі сонейка вышэй паднімецц- за працу і возьмемся. Нам жа нельга марудзіць, трэба да новай зімы ўсё зрабіць, іначай давядзецца тут яшчэ сядзець…

Прайшоў яшчэ, можа, месяц, пакуль Спірыдон пайшоў прыдатнае месца шукаць. Не адзін жа год збіраўся тут жыць, назаўсёды карані пускаў… Доўга хадзіў. Сонца ўжо пачало садзіцца. Калі яно апусцілася і пазалаціла верхавіны дрэваў, гаспадар якраз на беразе Глінянкі стаяў і ажно ўздыхнуў ад захаплення:

– Якая прыгажосць! Тут і будзем будавацца!

Дома паведаміў жонцы:

– Знайшоў я месца. Доўга шукаў, але ўсё ж знайшоў. Заўтра ж пачну там пад зруб рыхтаваць.

Раніцай падаўся мужык разам з дзецьмі на бераг рэчкі.

Ніхто зараз не ведае, колькі працы давялося агораць Спірыдону, як смылелі ягоныя рукі і спіна. Адно вядома — у будыніну ён улажыў сваю душу. Амаль ні хвілінкі не адпачываў, любую драбніцу выштукоўваў, нібы яна была самай галоўнай, самай асноўнай на будоўлі.

Амаль паўгода гарбацілася ўся сям’я, але хаціну зрабілі — што той звон. 3 якога боку ні падыдзі — усюды прыгожа, непаўторна. Хата блішчэла-пералівалася на сонцы свежымі сценамі, і гандляры ды рыбаловы, якія па рацэ туды-сюды плавалі, дзівіліся і перапытвалі адзін у аднаго:

– Хто гэта такую хаціну адляскаў? Колькі жывём, але такога цуда не бачылі!

Праз некаторы час даведаліся, што гэтага майстра завуць Спірыдонам, і цяпер, калі хто пытаўся, адказвалі проста:

– Гэта Спірыдонава дворышча. Тут сапраўдны майстра жыве. Кажуць, што і сыноў да свайго рамяства прызвычайвае…

А сыноў у Спірыдона было шасцёра. За бацькам усюды хадзілі, і, ведама ж, ён хацеў, каб яны да цяслярства цягу мелі. Хацеў, ды не вельмі гладка на справе атрымлівалася. Адзін перад адным яны пахваляліся, што і дошку высекчы могуць, а ўжо што сякерай пагаліцца — гэта раз плюнуць, але сапраўдны талент быў у аднаго, самага малодшага. Ён не прымаў удзел у гэткіх размовах, а ўсё стукаў і стукаў нешта, ці габляваў, ці пілаваў, адным словам — для яго заўсёды знаходзілася справа.

Так той хлопец дзень у дзень шчыраваў, і праз пару гадоў ужо нельга было сказаць, якую рэч бацька зрабіў, Спірыдон, а якую ягоны сын — гэтак хлопец у майстэрстве ўдасканаліўся. Бацька глядзеў, глядзеў і аднаго разу, калі ўсе сабраліся ў хаце вячэраць, прамовіў:

– Вось што, хлопчыкі. Вы ўжо дарослыя, гадоў колькі справай цяслярскай займаліся, цяпер ідзіце ў людзі працаваць, ім хаты ды іншыя будыніны стаўляць. Да заробкаў не імкніцеся, спачатку славу сабе добрую зарабіце, што вы сапраўдныя майстры, а не якія-небудзь гультаі — пустадомкі. I яшчэ…

– Што, тата?

– Старшым у вас будзе малодшы брат. Яго слухайцеся, яму падпарадкоўвайцеся. Ён такія штукі вырабляе, што і я ўжо не здолею. Вы пахваляліся, а ён працаваў. Цяпер маўчыце і слухайцеся яго, як мяне.

Пайшлі сыны да сялян, хаціны будаваць. I надта іх людзі хвалілі. Калі хто жадаў да сябе наняць, то казаў звычайна: «Паеду туды, дзе добра стружаць і майструюць…»

Так і павялося — Струга, так і засталося.

Спіс выкарыстаных крыніц:

1. Струга // Гродзеншчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс, апрацоўка А.М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 285 — 287 : іл. – (Мой родны кут).

Copyright © 2026 Гудевичи.

Powered by PressBook Green WordPress theme