Skip to content
  • МОСТОВСКАЯ РАЙОННАЯ БИБЛИОТЕКА
  • ДЕСТКАЯ СТРАНИЦА
  • ТРОПИНКАМИ МОСТОВСКОГО КРАЯ
  • ЛИТЕРАТУРНАЯ КАРТА МОСТОВСКОГО РАЙОНА

Гудевичи

  • История агрогодка Гудевичи
  • Книги с автографом
  • Легенды и предания
  • Toggle search form

Адкуль вёска Гудзевічы

Было гэта яшчэ пры панах, тады, калі яны мелі неабмежаваную ўладу над людзьмі, што хацелі, тое з імі і рабілі. Стогн і плач па тутэйшай зямлі разносіўся. Сонца свяціць не свяціла – адна цёмная ночка і гаспадырыла.

Хто яго ведае, як звалі таго пана, што ў нас тады жыў.

Мабыць, нашыя продкі спецыяльна імя ягонае не пераказвалі, каб яно ў стагоддзях не засталося, да нашчадкаў не дайшло, бо злыдзень страшэнны быў, а не чалавек. Для яго што селяніна са свету перавесці, што курыцу без галавы пакінуць  усё адно было.

А жыла тут недзе непадалёку дзяўчына. Звалі яе Гудзя. Такая ўжо прыгажуня была! Хто ні паглядзіць – страціць сон на пару начэй, гэта ўжо дакладна. Сям’я яе была невялікая: маці, бацька і яна сама. Дружна жылі. Працавалі, як і ўсе астатнія, рвалі жылы на панскіх палетках, бо да сваіх толькі ноччу і мелі доступ. Гудзя дапамагала, як умела, а ўмела яна няблага. Матуля прывучыла працаваць дачку так, што праца ажно гарэла ў яе руках. Бацька, той не дазваляў дзяўчыне дапамагаць яму, усё казаў:

– Не жаночая гэта праца — касіць ці поле скародзіць. Ты з мамай лепей займайся, а я і сам упраўлюся як-небудзь.

– Татулечка, міленькі, ты ж стаміўся, ледзьве на нагах трымаешся. Ідзі, хоць паўгадзінкі якой паляжы. Я за цябе папрацую, а потым ты зноў возьмешся. Ніхто і ведаць не будзе.

Бацька яшчэ хвілін колькі ўпіраўся, але ў рэшце рэшт не вытрымліваў і ішоў пад які кусцік, а там дастаткова было галаве прыткнуцна да зямлі, як ён адразу ж і засыпаў моцным сном. Стома брала сваё.

Так і жылі. Ды аднаго разу здарылася бяда. А пачалося ўсё са звычайнага: загадаў панскі войт бацьку ехаць на панскае поле і там араць. Селянін адразу ж і пакіраваў. Ці еў ён, ці спаў, ці адпачыў добра — ніхто і не пытаўся. Пачаў чалавек араць, а ногі ад стомы ажно трасуцца.

Ён усё па баках акідваўся, глядзеў, ці няма дзе паблізу войта, каб хоць працаваць не гэтак хутка. Нічога падазронага не заўважыў і вырашыў пару хвілін пасядзець, дух перавесці. Нават коніка не распрагаў, так пусціў пасціся, а сам сеў ля кусціка і… адразу заснуў. Колькі ён спаў — ніхто і не ведае, затое іншае вядома дакладна — нарваўся на селяніна войт. Як убачыў, што той спіць, закрычаў і за бізун адразу ўзяўся. Бязлітасна збіў чалавека і, як той ні прасіўся не рабіць гэтага, павёў да двара, а там — адразу да пана:

– Пане, вось гэту ваўкарэзіну трэба пакараць. Ён не працаваў на вашым полі, а… соладка спаў.

– На стайню яго! Дайце яму самых гарачых бізуноў, каб паглядзеў, як ягоныя продкі жывуць!

Горка заплакаў селянін, нічога не казаў у сваё апраўданне, бо зразумеў, што дарэмна. Прывязалі мужыка да шырокага ўслона і пачалі біць. Колькі таму чалавеку, стомленаму ды спрацаванаму, трэба? За нейкі дзесятак хвілін і адляцела душа ад цела.

Гудзі нехта перадаў, што бацьку войт пацягнуў у двор караць. Дзяўчына нічога не сказала маці, сама пабегла тату ратаваць. Ускочыла да палаца і загаласіла:

– Паночку, даражэнькі, адпусці бацьку, не карай. Ён жа стомлены быў, таму і заснуў. Мы табе адпрацуем за гэты грэх, толькі адпусці.

А памешчык як убачыў такую прыгажуню, дык і розум страціў:

–Выйдзеш за мяне замуж — адпушчу бацьку!

Нібы хто падмяніў Гудзю. Яна ўспыхнула і прамовіла:

– Што, мабыць, няма ўжо майго татулечкі ў жывых? Спазнілася я, дык ты хочаш яшчэ і мяне абняславіць? Не пайду я за цябе замуж, крывасмок!

Ніхто і ніколі пану такіх слоў не гаварыў, таму ён толькі рот разявіў, а слова вымавіць не можа. Калі ж яго прарвала, то завыў:

– Утапіць! У студні, галганку! Утапіць!

Гайдукі схапілі Гудзю і павалаклі да студні.

Яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя вам старыя людзі маглі паказаць месца, якое называлася Гудзеліхай. Там скончыла сваё жыццё гордая прыгажуня. I вёску назвалі Гудзевічы — ад яе імя.

Адкуль  Гудзевічы

Некалі тут, дзе зараз ляжыць наша вёска, знаходзілася бойкая дарога з Гродна на Беласток. Насыпалі тракт не адзін год і не адна тысяча людзей: ад вёскі да вёскі рабілі адны людзі, далей – другія, гэтак і цягнулася паволі дарога наперад. Рабілі яе сумленна, на стагоддзі, нібы адчувалі, што многае давядзецца пабачыць ажыўленаму шляху, што многа на ім і крыві, і поту, і слёз пральецца.

Старыя людзі гаварылі, што яшчэ не так даўно толькі і чуваць было, як ляцелі па шляху коні, як паволі сунуліся вялікія абозы ці віхурай знікалі з вачэй запрэжаныя чацверыком ці шасцерыком экіпажы.

Згадвалі яшчэ, што калі ноччу імчалі коні ці якія фурманкі, то даволі часта, каб не збіцца з дарогі, на шыю коням вешалі званочкі. Вось яны і звінелі-гудзелі, пераліваліся ўсялякімі галасамі. Адтуль, маўляў, і пайшла назва нашае вёскі – Гудзевічы, бо пастаянна гуло-гудзела.

Спіс выкарыстаных крыніц:

  1. Адкуль вёска Гудзевічы // Белая Русь : гісторыя Беларусі ў легендах і паданнях : для дзяцей шк. узросту / уклад. М.А. Зелянкова. – Мінск : Юнацтва, 1999. — С. 127.
  2. Адкуль вёска Гудзевічы // Легенды і паданні / склад. М.Я. Грынблат і А.І. Гурскі. – Мінск, 1983. — С. 290 — 291.
  3. Гудзевічы // Гродзеншчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс, апрацоўка А.М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 276 — 278 : іл. – (Мой родны кут).

Copyright © 2026 Гудевичи.

Powered by PressBook Green WordPress theme