Было гэта даўно, гадоў трыста таму. У адной жанчыны, якая рана страціла мужа, на руках застаўся сын. Усю ласку, пяшчоту сваю яна скіравала на Іваньку.
Толькі ж ласка ласкай, а і да працы трэба было хлопца прывучаць. А тут… Не дазваляла маці яму працаваць, не давала нічога цяжкага падняць — усё сама.
Вось і вырас хлопец здаравенным, але гультаём, якіх свет не бачыў. Спачатку, праўда, ён, гледзячы на іншых, спрабаваў да працы прызвычаіцца, але потым яму спадабалася нічога не рабіць. Не ведаў нават, што трэба рабіць у тую ці іншую пару года, не гаворачы ўжо пра ўсялякія звычаі ды абрады. Іншым дык бацькі расказвалі, вучылі ўсё дакладна выконваць, не парушаць спрадвечных звычаяў, бо тады на сям’ю можа абрынуцца якое гора ці ліха. А гэтаму адкуль было што ведаць?..
Неяк падышоў да матулі і кажа:
– Пайду я ў вёску, пагуляю.
– Ідзі, сыночак, пакажыся на людзі. Будзь ласкавы з імі, заўважыш, што яны нешта робяць, то скажы з паклонам: «Касіць вам — не перакасіць, вазіць вам — не перавазіць…» Вяскоўцы павагу любяць.
Апрануўся хлопец чысценька і пакіраваў у цэнтр вёскі. Сабакі дружна і голасна віталіся з ім, але Іванька не звяртаў на іх увагі, усё зіркаў па баках, шукаў, з кім бы пагаманіць, ды нікога не было. Аказваецца, што ў вёсцы ў той дзень нябожчыка хавалі. Хлопец паджгаў да могілак, стаў ля плота, рукі склаў і кажа ласкавым голасам:
– Касіць вам, людзі добрыя, — не перакасіць, вазіць вам, шаноўныя, — не перавазіць…
Сяляне ўмомант насшывалі Іваньку ў каршэнь, не паглядзелі, што малады і здаравенны. Зароў той немым голасам:
– За што вы мяне дубасіце?! Што я вам благога зрабіў?!
– А што добрага ты нам пажадаў, дурында?!
Прыбег Іванька дамоў зарумзаны. Маці да яго:
– А мой жа ты сыночак?! А мой жа ты родненькі! Што гэта з табой здарылася? Хто ж гэта цябе так абадраў ды злупцаваў?!
– Ды твае дасціпныя ды памяркоўныя… Я да іх з добрым словам, а яны і мяне біць кінуліся.
– Як жа гэта здарылася?
Іванька ўсё расказаў, дык маці адно толькі і прамовіла:
– Сыночак, ты ж пераблытаў. Трэба было стаць ля плота, але нічога не гаварыць. У такіх выпадках моляцца, а не пра касьбу згадваюць. Ой, бедалага ты мой…
Недзе праз тыдзень Іванька зноў падышоў да матулі:
– Схаджу-ка я сёння ў вёску. Можа, усё добра абыдзецца…
– Схадзі, сыночак, усё будзе як нельга лепей, вось пабачыш. Толькі памятай, што я табе казала, не пераблытай.
Доўга хадзіў ён, але нікога не сустракаў, пакуль не пачуў у канцы вёскі вясёлую музыку. Пакіраваў туды, і аказалася, што там вяселле ідзе поўным ходам і якраз маладую да маладога вывозяць. Гікнулі на коней, і яны панесліся. Іванька стаў ля клёна і пачаў шчыра хрысціцца. Госці заўважылі гэта.
– Хто гэта там жагнаецца? — загучалі галасы. — Няўжо хоча наша вяселле разладзіць, каб жытка ў маладых не ўдалася?
– А хто ж яго ведае, чаго ён жагнаецца! Можа давайце яму ў каршэнь насшываем ды прагонім?!
Іванька і вокам маргнуць не паспеў, як вясёлыя ад добрай чаркі госці накінуліся на яго з кулакамі і змалацілі на горкі яблык.
– За што?! — адчайна завыў хлопец.
– Каб ведаў, калі што рабіць, ёлупень.
Пёр з вяселля Іванька, нібы за ім цэлая гайня ваўкоў гналася. Такі разгарачаны і ўскочыў на падворак.
Маці загаласіла:
– Сыночак, што на гэты раз здарылася? Чаго яны да цябе прычапіліся?! Ці ім рабіць болей няма чаго?
– Вось бачыш, матуля, што атрымалася, а я ж усё зрабіў, як ты мяне вучыла… — і распавёў пра вяселле.
– Ой, сынку, трэба было і табе вясёлую песню запяяць ды нагой яшчэ прытупнуць, бо яны ж зусім іншае на цябе падумалі…
Недзе праз месяц Іванька звярнуўся да матулі:
– Прайдуся я да вёскі, надакучыла ў хаце сядзець.
– Ага, прайдзіся, мой свет, прайдзіся, пакуль малады ды клопатаў іншых не маеш.
Паціснуў хлопец ў вёску. Раптам чуе — крык, гамонка, лаянка, ён туды. Бачыць — гарыць хата, і вяскоўцы расцягваюць бёрны бусакамі. Спыніўся Іванька, духу набраў поўны жывот ды як зараве песню вясёлую, як тупне ботам, як пусціцца ў скокі. Вяскоўцы ад нечаканасці ажно здранцвелі, а гаспадар палаючай хаты плюнуў і прамовіў:
– Мне жыць з дзецьмі недзе будзе, а гэты ў скокі пайшоў! Даў бы яму, але не да таго.
– Мы яму, дзядзька, за цябе, насшываем! — паабяцалі хлопцы і справу сваю добра зрабілі.
Ледзьве дапоўз дамоў Іванька і зашыпеў на матулю:
– Зноў з-за цябе атрымаў. Бачыш, што са мной зрабілі… — і расказаў пра ўсё.
– Трэба было людзям пажар дапамагаць тушыць, а ты песню загарлаў ды яшчэ ў скокі пусціўся…
Наступны раз Іванька выбраўся з хаты, калі ўжо снег ляжаў. Ішоў, па баках палахліва азіраўся і выйшаў прама на гаспадара, які кабанчыка смаліў. Убачыў хлопец агонь, ухапіў вядро з вадой і — шух, затушыў усё. Селянін ў роспачы першай справай так заехаў нечаканаму «памагатаму» ў вуха, што ў таго ажно дым з носа пайшоў, і ён брыкнуўся пад плот. Потым усхапіўся і паджгаў дамоў.
Пагараваў хлопец на палку, адляжаўся і зноў пачаў збірацца ў вёску. Гаспадыня наўздагон яму параіла:
– Убачыш каго, то скажы: «Дай, Божа, і на лета тое ж…»
Ідзе Іванька, ажно бачыць — селянін коніка закопвае. Ці то аджыў сваё верны памочнік, ці то захварэў і сканаў, але здох. Падышоў хлопец дый кажа, нахіліўшыся:
– Дай, Божа, і на лета тое ж…
Селянін як трымаў рыдлёўку ў руках, так і перацягнуў з усяго маху. Толькі ікнуў пару разоў Іванька і прыпусціў да матулі.
Не паспеў расказаці пра здарэнне, як у хату зайшлі трое вяскоўцаў і, павітаўшыся, кажуць:
– Слухай, жанчына, нас. Забірай ты гэтага дурня ды падавайся куды-небудзь у іншае месца, бо яшчэ хто ненарокам яго заб’е — потым скардзіцца пачнеш, на нас крыўдаваць…
– Куды ж мне ісці, людзі добрыя?
– Зашыйся на які-небудзь востраў, і каб ён нікому на вочы не паказваўся, раз такога выгадавала…
Паслухалася маці, забрала Іваньку і пайшла жыць далей. Там, дзе яны сваю хаціну паставілі, і назва новая з’явілася — Остраў. Вяскоўцы ведалі, хто там жыве, таму тую лапінку зямлі абыходзілі бокам. Пазней усё перамянілася, і там вёска вырасла, але назва так і засталася.
Вёска Остраў
Было гэта даўно, гадоў трыста таму назад. Праязджалі каля нашай вёскі нейкія купцы. Не ведаю чаму, але хацелі гэтыя купцы заехаць да нас. Хацелі заехаць, ды не заехалі, не было дарогі. 3 аднаго боку да самых хат падыходзіў вялікі лес. Ніхто цераз гэты лес не хадзіў, не ездзіў. 3 другога боку было вялікае балота. Казалі, што ў гэтым балоце нейкі праезджы ўтапіўся. Пасля таго ніхто не адважваўся цераз балота ехаць.
Паглянулі купцы, што дарогі ніякай няма, і сказалі:
– Дзіўна вёска. Не вёска, а нейкі остраў
Ад таго часу і называюць нашу вёску Остравам.
Спіс выкарыстаных крыніц:
1. Остраў // Гродзеншчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс, апрацоўка А.М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 282 – 285 : іл. – (Мой родны кут).