Skip to content
  • МОСТОВСКАЯ РАЙОННАЯ БИБЛИОТЕКА
  • ДЕСТКАЯ СТРАНИЦА
  • ТРОПИНКАМИ МОСТОВСКОГО КРАЯ
  • ЛИТЕРАТУРНАЯ КАРТА МОСТОВСКОГО РАЙОНА

Гудевичи

  • История агрогодка Гудевичи
  • Книги с автографом
  • Легенды и предания
  • Toggle search form

Адкуль вёска Кулёўшчына

Адзін раз тут праязджаў падарожны чалавек, а тады дарога была толькі ў сяле, а далей не было. Ну, гэты чалавек заехаў у канец сяла, а дарогі ж далей няма, кругом было балота і лес.

– Што гэта, куль які, ці што? – сказаў ён, завярнуўся і паехаў назад.

Ад гэтых слоў і пачалі называць наша сяло Кулёўшчына.

Кулёўшчына

У нас тут заўсёды дасціпныя людзі жылі. Такое адштукоўвалі, здаралася, што хоць стой, хоць падай. У асноўным без зла смяяліся, проста так, каб весялей жылося. Але здаралася, што і зло, праўда, толькі тады, калі з дурняў ці з надта сквапных смяяліся — як у выпадку з назвай нашай вёскі. А здарылася вось што.

Меў адзін яўрэй сваю справу, а калі больш дакладна — гандляваў у мястэчку ўсялякай драбязой. I быў ён надта хітры, а што ўжо сквапны — то за капейку любога чалавека мог прадаць, ды яшчэ паглядзеў бы, каб танна не абышлося. Кожнага імкнуўся хоць на невялічкі кавалачак, хоць на драбочак аблічыць ці падмануць.

Вось пайшоў ён неяк у сваю краму з раніцы, адчыніў яе, сеў і чакае, калі хто-небудзь завітае. Можа, з гадзіну нікога не было. Пачаў ужо хвалявацца, што, калі так справа пойдзе да вечара, ён ніякага прыбытку сёння не займее. Але тут адчыніліся дзверы, і ўвайшоў Сцяпан. Не вялікі пан — звычайны селянін, які жыў на сваім хутары, зямельку араў ды дзяцей карміў, а калі якая капейчына з’яўлялася, то адразу ж кіраваў да яўрэя, каб што купіць для жонкі ды для дзетак або для гаспадаркі самае неабходнае прыдбаць.

Павіталіся яны, Янкель (так звалі гандляра) і пытаецца:

– Ну, Сцяпан, што ты жадаеш?

– Ды драбязы ўсялякай прыкупіць…

– Набірай, набірай, чалавеча, — замітусіўся гаспадар, разважаючы, што і гэта лепей, чым увогуле нічога не мець.

Сцяпан панабіраў усяго ды яшчэ папрасіў дзецям ласункаў і жонцы падарунак. Янкель усё склаў і падлічыў:

– Паўтара рубля з цябе, чалавеча. Танна, вельмі танна прадаў я табе… Усяго паўтара рубля — а паглядзі, якая гурба тавару… Во жонка ды дзеці ўзрадуюцца.

– Дзякуй табе, Янкель. Не ведаю, як і аддзячыць… Хіба што заплачу я табе не паўтара рубля, а два…

Гандляр ухапіў грошы і ад радасці мову страціў. Гэта ж трэба —з аднаго чалавека і такі прыбытак мае! Недзе праз тыдзень Сцяпан зноў завітаў у краму. Павіталіся, Сцяпан і кажа:

– Вось зайшоў якой драбязы купіць, таго-сяго проста паглядзець…

– А чаго глядзець, бяры ды купляй. Тавар, сам ведаеш, у мяне больш танны, чым у іншых.

Набраў Сцяпан цэлую гурбу тавару, Янкель хуценька падлічыў і мовіць:

– 3 цябе, чалавеча, усяго паўтара рубля. Во як усё ў мяне танна, сабе на шкоду, а не на карысць прадаю.

Сцяпан, хітравата пасмейваючыся, працягвае яўрэю два рублі:

– На табе, гаспадару, не паўтара, а два рублі, каб не так крыўдна было, — і пайшоў.

Янкель спачатку застыў на месцы, а потым не вытрымаў і выскачыў следам за селянінам:

– Слухай, Сцяпан, чаму ты мне пастаянна пераплачваеш?

– Дзякую за самы танны тавар.

– Э не, дарагі, не жартуй. Можа ты машынку маеш, што грошы робіць?

Сцяпан спакойна зірнуў на яўрэя і гаворыць:

– I адкуль ты, Янкель, усё ведаеш? Ад цябе нічога не схаваеш. Ёсць у мяне такая машынка.

Цяпер прыспела чарга яўрэя заціхнуць і ад здзіўлення торгаць то рукамі, то нагамі.

– Слухай, чалавеча, прадай. Прадай, я табе сколькі скажаш — столькі і заплачу.

– Ды не…

– Прадай, бо ўсё роўна не адступлюся.

– Калі ўжо так, то добра, прадам, хоць і шкада. Але цана высокая — паўтысячы рублёў…

Янкель ажно засвяціўся ад радасці — хоць гэта і не зусім танна.

– Згодны я, згодны, Сцяпанка, толькі прадай. Пайшлі, я табе адразу палову грошай аддам, каб тую машынку хто не перакупіў незнарок…

Дамовіліся, што забіраць купленае Янкель прыйдзе заўтра.Не надта вясёлы вярнуўся селянін дамоў. Жонка адразу заўважыла яго настрой:

– Чаго засумаваў, Сцяпанка? — пытаецца.

– Ды і прычыны сумаваць няма. Здавалася б, радавацца трэба: прадаў, і надта выгадна, машынку, якой не маю. Заўтра Янкель прыйдзе па яе, трэба будзе і грошы вяртаць, а не хацелася б…

– А за якую гэта машынку яўрэй гэтулькі грошай адваліў?

Расказаў пра ўсё Сцяпан. Жонка ўсміхнулася дый кажа:

– Зробім мы гэтую машынку, не перажывай, чалавеча.

– Як?

– Слухай мяне ўважліва, і ўсё будзе ў парадку.

На наступны дзень прыйшоў Янкель купленае забіраць і, ўбачыўшы тое, што яму паказалі, ажно зарагатаў:

– Дык гэта ж хлебная лапата!

– Хлебная-то хлебная, але паглядзі, як яна працуе…

Узяў Сцяпан лапату, паклаў на яе рубель і торк у акенца, а жонка з двара (каб госць не бачыў) — плясь яшчэ адзін рубель. Гаспадар уцягнуў лапату ў хату — а там ужо не адзін, а два рублі ляжаць.

Ухапіў Янкель лапату і пабег дамоў.

– Што ж ты прынёс, дурань пэйсаты? Гэта ж хлебная лапата, а не каштоўная машынка! Такія грошы ўваліў, сам не ведаючы куды! загарлала жонка.

– Перастань, дурніца, курыная твая галава, лепей паглядзі, як яна працуе…

А жонка ў селяніна сапраўды разумная аказалася.

– Бяжы, — гаворыць, — пад акно да яўрэя ды падкінь там яму пару рублёў на лапату, калі торкаць ёю пачне.

Вось паклаў Янкель рубель на лапату, высунуў яе ў акно — Сцяпан дадаў яшчэ рубель. Потым сам паклаў два — Сцяпан гэтулькі ж падкінуў.

Цяпер Янкелева гаспадыня нарадавацца не магла.

– Слухай, мужу, а калі туды болей грошай пакласці?..

– Не спяшайся надта.

– Дык адразу ж намнога болей атрымаем.

– А што, давай…

Паклалі яны ўсе свае грошы і ў акно лапату паціху высунулі, каб яны там падвоіліся. Сцяпан жа хутка сцяміў, што трэба рабіць: схапіў усе дачыста і пабег дамоў.

Жонка скеміла, што да чаго:

– Давай хутка збяром свае рэчы, возьмем дзяцей, жывёлу і ў іншае месца пераедзем. Грошай у нас зараз многа. Зямлі купім, зажывём яшчэ лепей, чым тут.

Дарогу да свайго новага хутара Сцяпан зрабіў акуратную, дрэўцамі абсадліў, будынкі ўсе на краі адвечнага бору паставіў, і туды далейшага шляху не было.

Янкель, вядомая справа, шукаў таго, хто яго гэтак абдурыў. Нехта падказаў яму, што Сцяпан цяпер на новым месцы жыве. Узрадаваўся гандляр, запрог коніка і паехаў да свайго крыўдзіцеля. Прыехаў, а гаспадар робіць выгляд, што ўпершыню бачыць гэтага чалавека і ведаць яго не ведае.

– Аддавай, Сцяпан, мае грошы! Ты мяне абдурыў!

– Калі?!

– Дык ты ж мне лапату прадаў, а сказаў, што машынку, якая грошы вырабляе…

– Дзе ж гэта я абдурыў? Усё ж спраўна працавала…

– Мяне да капейкі абчысціла твая лапата.

– А як ты рабіў, раскажы?..

Той і сказаў.

– Колькі разоў ты лапату ў акно торкаў?

– Тры.

– Вось і маеш пірог з бобам… Трэба ж было толькі два, я ж цябе перасцерагаў. А так чорт грошы ўхапіў і знёс. Цяпер я нічым не дапамагу.

Раззлаваны Янкель выехаў з двара і паехаў не ў тым накірунку, адкуль прыехаў. Доўга блукаў па балоце ды па лесе і ўсё бубніў:

– Ой, што гэта за хутар такі? Ой, што гэта робіцца — нібы ў куль нейкі трапіў, нібы ў мех. Галаву ўсунуў, а назад нельга…

Так, з таго куля, і празвалі хутар, а потым і вёску Кулёўшчынай.

Спіс выкарыстаных крыніц:

  1. Кулеўшчына // Гродзеншчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс, апрацоўка А.М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 278 — 282 : іл. – (Мой родны кут).

Copyright © 2026 Гудевичи.

Powered by PressBook Green WordPress theme